Сотні тысяч дэманстрантаў залілі ўвесь цэнтр Мінска другую нядзелю запар, прайшлі шэсцем ад плошчы Незалежнасці да Стэлы
Дакладную колькасць дэманстрантаў падлічыць немагчыма, але, здаецца, іх было нават больш, чым тыдзень таму. Пакуль адна бясконцая калона ішла да Стэлы, другая пайшла на плошчу Якуба Коласа, і г.д.
Частка дэманстрантаў ад Стэлы пасля рушыла да плошчы Дзяржаўнага Сцяга, што за Палацам Незалежнасці. Але праспект Пераможцаў там загарадзіў АМАП, і людзі развярнуліся разыходзіцца. У гэты момант у свой палац пад прыцэламі тэлекамер прыляцеў Аляксандр Лукашэнка з аўтаматам — выразная дэманстрацыя сваёй гатоўнасці ісці да канца. Яго пасланне дысаніравала з атмасферай на вуліцах.
На вуліцы Мінска выйшла вельмі розная публіка: там быў і сярэдні клас, і рабочыя, і госці з рэгіёнаў. Панавала атмасфера карнавалу і ўздыму. Мінчукі віталі шэсця сцягамі з балконаў і дахаў. Жанглёр цырка дэманстраваў сваё мастацтва пад апладысменты. Былі барабаны, людзі ў крэатыўных касцюмах і тысячы плакатаў, а таксама шыльды з назвамі сваіх прадпрыемстваў і населеных пунктаў. А калі ўлады з мэтай псіхалагічнага ўздзеяння ўключылі гучнамоўнікі з савецкімі песнямі, народ жыва падпяваў "Первым делом самолеты": "Первым делом, первым делом Лукашенко, а Ермошина, Ермошина потом".
Улады выставілі шчыльны кардон перад Стэлай з аўтаматамі ў якасці дэманстрацыі сілы. Байцы трохі збянтэжана назіралі за сотнямі тысяч людзей, што ішлі, і ішлі, і ішлі побач, са сцягамі і кветкамі. Жыхары жылога дома насупраць Стэлы вывесілі два гіганцкія нацыянальныя сцягі.
Да моманту напісання гэтага матэрыялу не было вядома ні пра адзін інцыдэнт, дэманстранты паводзілі сябе выключна мірна.